ЖЛО́БІНСКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Засн. ў 1989 у г. Жлобін Гомельскай вобл., адкрыты ў 1992. Пл. экспазіцыі 243 м², каля 6 тыс. экспанатаў асн. фонду (1997). Сярод прадметаў даўніны бівень і косці маманта, неалітычныя крамянёвыя прылады працы, керамічныя вырабы, знойдзеныя на тэр. раёна, макет паселішча 15 ст., прылады працы і прадметы побыту 17—19 ст., дыярамы пра буд-ва Лібава-Роменскай чыгункі (1873), рэв. выступленні чыгуначнікаў (1905) і інш.

Вял. экспазіцыя прысвечана падзеям часоў Вял. Айч. вайны: абарончым баям Чырв. Арміі, дзейнасці Жлобінскага патрыятычнага падполля, партыз. руху ў раёне, матэрыялам пра Азарыцкія лагеры смерці, вызваленню Жлобіншчыны ад ням.-фаш. захопнікаў; захоўваюцца асабістыя рэчы славутых землякоў. Экспанаты знаёмяць з развіццём у пасляваенны час асветы, навукі, культуры і спорту, гаспадаркі, прадпрыемстваў у горадзе і раёне.

Я.В.Карцаў.

т. 6, с. 434

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)